ЧАРНІ́ГАЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1802—1925 на сумежных тэр. сучасных Украіны і Расіі. Цэнтр — г. Чарнігаў. Створана ў складзе Рас. імперыі, мела 15 паветаў: Асцёрскі, Барзнянскі, Гараднянскі, Глухаўскі, Казялецкі, Канатопскі, Кралявецкі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Нежынскі, Ноўгарад-Северскі, Сасніцкі, Старадубскі, Суражскі, Чарнігаўскі. Паводле перапісу 1897 пл. губерні 46 042 кв. вярсты, насельніцтва 3 321 900 чал. З іх украінцаў 86%, рускіх 6%, беларусаў 5%, яўрэяў 3%. Беларусы, паводле карты Я.Ф.Карскага, пражывалі пераважна ў Суражскім, Мглінскім, Старадубскім, Навазыбкаўскім, Гараднянскім пав. З 1917 у складзе Украіны. У 1919 Мглінскі, Навазыбкаўскі, Суражскі, Старадубскі пав. перададзены ў склад Гомельскай губерні РСФСР. Ч.г. скасавана пастановай ЦВК Украіны ад 3.6.1925, на яе тэр. створаны Глухаўская, Канатопская, Нежынская, Чарнігаўская акругі.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)